Матчын дар
вернуться

Гарун Алесь

Шрифт:

17. Восень

Восень халодная, чорная, хмурая Сунецца ціха, нячутна штодзень, Хварбы наўкола паклала панурыя, Сонца хавае за чорную цень. Збожжа пажатае зь ніваў пазвожана, — Голыя гоні самотна ляжаць, Неба дажджліваю хмарай абложана, Траўкай ня грае сваёй сенажаць. Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі; Кусьцьце бязь лісту, бяз красак стаяць; З гэтымі восені днямі бяскраснымі Цяжкія думкі у сэрца ляцяць. Вольхі, рабіны, асіны зь бярозамі Лістам пажоўклым тужліва шумяць: «Хутка надыдуць завеі з марозамі, Ветры зь сьнягамі ізноў наляцяць». Толькі высокія хвоі іглістыя Вечназялёны свой кажуць убор. Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя, Будуць чарнець навакол, наузгор. Зіму пачуўшы, мядзьведзь неспакоіцца, Ходзіць па лесе, шукае бярлог, Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца, Горш на скаціну, на людзі налёг. Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца; Хутка на поўдзень саўсім паляцяць. Хеўра за хеўрай на рэчцы зьмяняецца; Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць. Так непрыкметна часамі, дзянёчкамі Восень зьмяняе. аблічча зямлі… З гэтымі днямі асеньнімі, ночкамі Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі. Старое нешта усё спамінаецца, Толькі няясна, маўляў, праз туман, Нейкі няведамы жаль уздымаецца, Вабіць і цягне ўспамінак-дурман. Сэрца баліць пад жаданьняў прымусамі, Што за жаданьні — ніяк не пазнаць; Можа, ляцеці адгэтуль за гусямі… Можа, заснуць, каб нічога ня знаць?..

18. Мае думкі

Па-на горах сьнягі паляглі, I даліны убраліся ў белі. Мае ж думкі, як толькі маглі, Хутка зь ветрам удаль паляцелі. Паляцелі удаль, дзе няма Гэтых гор — вартаўнічых няволі, Дзе ня гэтак сурова зіма, Дзе прыняў я і жыцьце і долю. Паляцелі спытаць, паглядзець — Як жывецца на роднай старонцы? Як той брат-беларус мой жывець? Ці высока узьнялася сонца? Там жа ўсё, як раней, як было: Беднасьць, ціша кругом і цямнота. Дзе там шчасьце! Жыцьцё зацьвіло, Як наверсе якое балота. Сонца нізка — ня грэе саўсім I саўсім жа ня сьвеце бяз мала; Раз блісьне дзе-нідзе — і паўсім, I зноў сваю твар захавала. Колькі ж будзеш ты спаць? Не пара Табе часам, мой браце, праспацца, Каля бацькаўскіх ніў і двара Працаваці зноў шчыра узяцца? I усё, што утраціў сплючы, Пазьбіраці да роднае хаты? Годзе спаць! I ня будзе начы, Будзеш вольны, разумны, багаты! I высокае слонца тагды Будзе працу тваю аглядаці, I пазбудзесься крыўд і нуды, — Будуць людзі цябе шанаваці.

19. Навакол…

Сьнягі, ляды, абрус жуды назаўсягды, на вечны час ляглі. Гара, скала наўкол лягла і узрасла паўскрайны пас зямлі. Узрос на ёй вялізаў-хвой, туману з мглой прытулак, лес стары. Прадзіўны мур нярушных хмур, як той каптур, на бор узьлез з гары. I сонца сьвет здалёка, з гэт!.. Нябёс прывет ня здужыць к нам дайсьці. Адны вятры праз хмар муры лятуць з гары празь лес той сам гусьці. I разам зь ім на жах благім і добрым, ўсім тужлівы сьпеў вядуць: «Засьні, засьні, у ноч ўсе дні перамяні і нас ня гнеў, ня гудзь. Скалей, як лёд, на сотні год і сэрца лёт спыні. Вярні да сну. А сонца сьвет здалёка, з гэт… Зь нябёс прывет, мана. Гані ману. Гані. Раі тых дум спыні, і жаль стаі, і кінь зь пяшчот у цьмы. На сьвет адны твае паны і вартаўны табе пачот, — то ж мы».

20. Ветру

Ветрэ, ветрэ вольны, Стой, зрабі паслугу! Буду спосаб меці, Адзьдзякую другу. Зьлётай, лёгкі, борзда Ў край, адкуль я родам, — Бацьку, матку ўбачыш, Мілую заходам; Ўбачыш гэнам, ворле, Ў краю тым — старонцэ: Брат мой беларусін Гібее бяз слонца. Ім усім паклонам Нізкім ты: скланіся, Хай жывуць, красуюць… А потым вярніся. Гэтта скажаш, браце, Мне, што там убачыў. Буду спосаб меці, Паглядзіш, адзьдзячу!

21. Завіруха

Завіруха скача ноччу Патарочай, плача, вые; Пухавыя сыпе ў вочы Сьнегавінкі мне; рагоча. Йду навобмацк; ледзь жывы я, Нежывыя суну ногі Без дарогі. Цела ные, Калянее; верставы я Прамінаю слуп убогі, Траярогі крыж збуцьвелы, Пасівелы, цёмны, строгі. Не чакаю дапамогі… Прыступае нехта белы, Асьмялелы. Вот ўсьцігае, Акаляе, скамянелы, Пасінелы, — абнімае. Завіруха — Рагатуха сыпе сьнегу I ў прабегу шэпча ў вуха: «Заначуеш — не пачуеш: Я завею, я угрэю, Зараз ляжаш, дзякуй скажаш, Мне ты скажаш». Завіруха — Рагатуха шэпча ў вуха. Ажно чую: раптам злая Улягае, уціхае Завіруха. Замірае. Праясьняе ў полі. Нікне, Ані зыкне вецер-сватка. Бачу — хатка. Як тры зоркі, тры ваконцы Пры гасьцінцу. Вераценцы Дыму ў неба ўюцца, пнуцца. Хатка, вокны, дым сьмяюцца, Клічуць, вабяць, сустрачаюць, Прывячаюць, запрашаюць. Голас чую родных, мілых. Ўзмацаваўшыся на сілах, Крыкнуць рады: «Згінь ты, гора!» А яно ў адказ гавора: — Над табою Сьнег гурбою.

22. Думкі ў чужыне

Гора мне цяжкае, гора бясшчаснаму! Сэрца ўсё жаліцца, плача, баліць. Хочацца к сонейку цёпламу, яснаму: Хоць бы убачыць! Ўсю цяжасьць зваліць! Доля мая, што мяне узбагаціла, Думак, жаданьняў і сэрца дала, Недзе гаман з маім шчасьцем утраціла, — З горам падняла і мне падала. Што там наперадзе, што там нязнанае, Што там са зьдзекам мяне сьцеражэ? Скрытна-варожае, з страхам чаканае, Можа, і блізка на нейкай мяжэ. Толькі ня сьмерць, — не аб ёй неспакоюся. Сьмерць — гэта што! Гэта дар для усіх; Прыйдзе той час, і я зь ёй заспакоюся, Збыўшыся боляў і думак сваіх. Іншае гора душу абцяжарыла, — Камень цяжэйшы на сэрцы ляжыць: Дні майго росквіту мглою абдарыла, Ў жыцьці штодзённа за мною бяжыць. Доля мая — гэта доля гаротная, Сэрца дала мне, наўчыла любіць, Дый прысудзіла яна ж, адваротная, Век у сіроцтве, ў выгнаньні пражыць. Што мне жыцьцё, хоць бы самае краснае? — Волі ня маю! Ў няволі жыву. Гэтае нуднае быцьце уласнае Сьмерцю страшэннаю з болем заву. Сокалам вольным і з пташшай гульлівасьцю Я бы, здаецца, адсюль паляцеў… Нельга і думаці, — доля бязь міласьці Варту паставіла. Вораг абсеў. Беднасьць — ня гора саўсім мне бясскарбнаму, — Я багацей, замажней за другіх I не зайздрошчу багацтваў тых марнаму, Досыць зь мяне бедных злыдняў маіх. Покі варушацца рукі скарэлыя, Праца мне будзе на радасьць, на сьмех. Злотам багатыя, сэрцам зьнішчэлыя Трутні ня мецімуць гэткіх уцех. Што мне багацтва? Бяз грошы, бяз золата Быў бы магнат я, кароль, багатыр Там, дзе пад націскам роднага молата Жыцьце куецца углыб і ушыр. Жыцьце куецца, і сонца ўздымаецца, Сьвету праменьні льець з гарыні, З доўгага сну дзе народ прачыхаецца, Побыту шчаснага сьвецяць агні. Там, дзе цяпер яшчэ сілы нячыстыя Жыцьце карожаць, па-свойму вядуць, Дзе ўстрапянулісь дубы густалістыя I на курганах нямоўчна гудуць, — Можа, і я з сваёй слабаю сілаю Там працаваці бы крышку памог; З гэтаю працаю шчыраю, мілаю Сьмерці спаткаў бы спакойна парог. Можа… А можа, ня ўбачыці гэтага? Можа, суджона тут век мне пражыць? Дні адзіноты, сіроцтва бясьсьветнага Грудай каменьняў ў душы валачыць. Страшна мне гэта, і ўсё ж не ядынае Так навалілась, гняце ў глыбіне, — Горшая мука ўтрапляець, што сынам я Быць перастану сваёй старане. Памяць ня доўгая, любасьць ня вечная; Сірасьць, бязьлюднасьць — іх трудна нясьці; Мо’, пажагнаўшыся з старым, на вечнае З шляху зьвярну, па другім каб ісьці. Страшна мне нават аб гэтым і згадываць, Страшна і думаць, і я не хачу. Толькі ж надзеі ня маю чым зрадаваць, Сэрца і сьлёзы ссушыць уваччу. Вось у чым гора бадзязе бясшчаснаму, Вось чаму сэрца маё так баліць, Вось чаму хочацца к сонейку яснаму — Хоць бы убачыць, тым цягасьць зваліць!.. Цяжка мне, праўда. Ці ж трэба мне жаліцца? Цяжка ж другім — іх мільёны усіх, — Жыцьце іх рушыцца, б’ецца і валіцца, Гінуць надзеі і думкі у іх. Многа на сьвеце усякага творыцца! Многа хто вершаў аб гэтым злажыў. Часам паслухаеш, хто разгаворыцца, Бог яго ведае, як яшчэ жыў?! Біўся зь няпраўдай, зь бядой і гаротаю, Сэрца у попел няшчадна спаліў, Сілы ўсе страціў у бойцы зь цямнотаю, Кроў, не рахуючы, кроў сваю ліў! Што ж тады плакаці мне, маладзейшаму? Я ж не прайшоўшы пуціну сваю: Сэрца асталася. Не, весялейшаму Трэба мне быць, а я плачу-пяю.

23. С песьняў няволі

Праўду мусім ведаць, браце: Покуль мы ня ў роднай хаце, Не на ніве покуль роднай, — Нашай думачцы ніводнай Век ня спраўдзіцца, ня збыцца — Мусім ў цеснай клетцы біцца Нашых думак, і жаданьняў, I няволі наляганьняў. У гароце, у няволі Без пасьпеху, а паволі Нешта розум ў нас вымае, Смокча душу — выпівае I за шыю душыць больна, Што часамі мімавольна З болю гэтага заплачыш, Што аж слонейка ня бачыш! Мусім ведаць, што мялеем, Што паволі ўсё малеем, Не жывём, але канаем, — Зранку долы вымяраем I надзею штодзень губім, Хоць яе, як жыцьце, любім. Нашы брацьця — там, на волі, Паляглі моў-ся на полі, Чыстым полі ваявецкім, Велькім колам маладзецкім, З пасячонымі плячыма, З выпалёнымі вачыма. Мы зьявілісь зь яснай казкі, Братняй міласьці і ласкі, З краю-Далі, краю-Сьвета, Дзе цяплюхна, вечне лета, — А нас кінулі у пушчы, Ды у холад, дый у гушчы, Дзе брат з братам вечне б’юцца, Спруцянелі, а дзяруцца. Мы хацелі даць ім сьвету, Зруйнаваці пушчу гэту, Даць ім міласьці прагненьне, Дзён шчасьлівых даці меньне… Мы ішлі вялікім валам, Войскам буйным а зухвалым, Ды ня стала нашай мочы: Сьвет слабейшы быў ад ночы… Што ж? Няхай! Няхай так будзе, Мусіць, гэтак доля судзе. Цяжка, страшна жыці, праўда, Дык цярпеці ж нам ня наўда. Так на моры-акіяне Часам хваля перастане… Можа ж, прыйдзе навальніца, Толькі б ветрыку зьявіцца! Будзем ў неба цікавацца, Будзем зорак прыглядацца; Без пакоры у пакоры Перабудзем сваё гора. Мо’ і нам аднекуль зь неба Скажуць: «Чуйце, ўстаньце, трэба!» I ўзмацьняць. Парвуцца путы, Будзе вольны, хто закуты. Не адны, а з грамадою, Разам зь людзьмі, Чарадою. Пойдзем поплеч зноў у далі, Скуль прыйшлі і скуль паўсталі. А калі ж ня хопіць сілы Ўстаць на гэты воклгч мілы, — Сэрца хоць мацьней заб’ецца, Твар пахмурны усьміхнецца. Можа ж быць, раней загінем, Дык усё ж мы сьлед пакінем, Бо, браток, хоць промень сьвету Прынясьлі мы ў пушчу гэту!

24. Вечнай памяці Т. Р. Шаўчэнкі

За тысячу вёрст ад радзімага краю, У стэпу, пустэчы бязьлюднай Сумуець казак па загубленым раю, Па маці-Украіне цуднай. Няма яму волі, пад вартаю пільнай Начуе і днюе і ходзіць, Ніводнай ня мае людзіны прыхільнай, Самотна дзянёчкі праводзіць. А думка, як віхар, імчыцца, нясецца Ад берагу мора Аралу На родну старонку, дзе вораг сьмяецца I ўсіх абдзірае памалу. Ў душы яго ласка, каханьне малююць Пакутніцы вобраз бяз сказы. Ах, мучаць Украйну, рабуюць, ганьбуюць!.. Імчацца, нясуцца абразы: «Вее вецер, сонца грэе На сьцяпу шырокім, Што відаць здалёк, чарнее, Дзе курган высокі? Сьляпы гэнам на бандуры Перабэндзя грае, Аб казацтве, аб гетманстве Сам сабе сьпявае: «Ой, лунала наша слава, Аж у звоны білі! Меч гетманскі і булава К каралям хадзілі. Мелі славу, мелі долю, А цяпер прапала; Мелі шчасьце, мелі волю, А цяпер ня стала; Стогнуць, плачуць стэп і людзі Пад чужой рукою, Вораг цёмны ўсьсеў на грудзі, Не даець спакою. Дзе, Багдане, слаўны Хмелю, Дзе ты? Адгукніся! За народ наш, за Ўкраіну, Браце, заступіся». Слонца грэе, вецер вее, Па стэпу разносіць Тыя словы залатыя, — Да касцоў даносіць. Ўчулі людзі праўды слова, Засьпявалі ціха Аб тым зьдзеку, паняверцэ, Панаваньню ліха. Пан аконам — бочка піва. — Цівуны у злосьці: «Нуж-ма, хлопцы, жыва, жыва! Бо зьдзяром да косьці!» Сорам, сорам!.. Люд пакорны Галавой схіліўся… Пане, пане — гадзе чорны, Каб ты зь сьвету збыўся!..» Адна за аднэю праносяцца зьявы, Мігцяцца безупынна абразы, Нявольнічы побыт, і сьлёзы крывавы, I зьдзек глузаваньня, уразы… Туды, да няшчасных, у думцы сягае Пясьняр гэніяльны прыгону І Богу на небе любіць прысягае Народ свой — любіці да скону.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win